СЕ́РВІЙ ТУ́ЛІЙ (Servius Tullius; 6 ст. да н.э.),

паводле рым. падання, шосты цар Стараж. Рыма [578—534/533 да н.э.]. З яго імем рым. традыцыя звязвае рэформы, накіраваныя на ўмацаванне дзярж. ладу. Важнейшая з іх цэнтурыятная, паводле якой Рым быў падзелены на тэр. акругі (трыбы), плебеі ўвайшлі ў склад рым. народа. Стварыў з патрыцыяў і плебеяў адзінае войска. З часоў С.Т. рэгулярна праводзіўся цэнз — перапіс насельніцтва і ацэнка яго маёмасці. Яму прыпісваюць таксама рэліг. рэформы і пабудову гар. сцяны.

т. 14, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)